БЛАКІ́ТНЫЯ АЗЁРЫ,

ландшафтны заказнік рэсп. значэння на тэр. Мядзельскага р-на Мінскай вобл. Створаны ў 1972 для аховы унікальнага і надзвычай маляўнічага ўзгорыста-азёрнага прыроднага комплексу ў Беларускім Паазер’і. Пл. 1,5 тыс. га (1996).

Рэльеф — складаная сістэма озавых градаў і камавых узгоркаў, якія перамяжоўваюцца запоўненымі вадой глыбокімі ўпадзінамі. На тэр. заказніка Балдуцкая група азёраў, адметных глыбокімі катлавінамі і чыстай вадой. Лясы паўд.-таежныя хваёвыя і яловыя, пераважаюць бары і ельнікі-зеленамошнікі кіслічнага, чарнічнага, бруснічнага, верасовага, арляковага тыпаў. На вяршынях вял. узгоркаў трапляюцца лішайнікавыя хвойнікі, у падлеску — ядловец і бружмель. На невял. участках растуць бяроза павіслая, асіна, дуб, вяз. У флоры заказніка 538 відаў вышэйшых раслін, у т. л. каля 40 рэдкіх ахоўных відаў, адзінае на Беларусі месца, дзе растуць меч-трава звычайная, цюльпан лясны і чарнакорань голы.

т. 3, с. 186

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)